Граффити паб-клуб

Беларусь, Минск, пер. Калинина, 16
Ежедневно с 12:00 до 23:00 (по пятницам, субботам до 2:00)
Инфолиния: +375 (29) 638-4444, (33) 638-4444

Окт

12

Рокаш

Автор: moto

Цяжка сказаць, зь якога менавіта часу можна пачынаць гісторыю гурта «Рокаш». Ідэя стварэньня зьявілася яшчэ напрыканцы 2003 году, калі чацьвёрка сяброў, аб’яднаных агульнымі поглядамі на гісторыю, музыку, мову і лад жыцьця вырашыла паспрабаваць свае сілы ў музычнай сфэры. Іх імёны былі: Стась Багданаў, Мікола Ліпневіч, Мікола Маркоўнік і Лявон Казакоў. Першапачатковай канцэпцыяй патэнцыяльнага гурта быў стыль beerfolk, ці піўны фольк. На працягу 2003 году Лявонам былі напісаныя некалькі песень у гэтай стылістыцы. Гісторыя захавала тры зь іх. Яны называліся «Наша піва», «Карчма» і «Хмяльны бранль». Заставалася адна праблема — гэтыя песьні фактычна не было каму граць. Бо так атрымалася, што ў гурце ад пачатку было два ўдарнікі і два вакаліста. Сытуацыя была амаль безвыходная, але лёс верыў у нас.

Дзякуючы нашым сяброўкам Алене (Decadence) і Наташы (Venomous Butterfly) адным халодным студзеньскім вечарам 2004 году ўдзельнікі гурта пазнаёміліся з таленавітым гітарыстам і файным чалавекам Алесем Акульчыкам. Дзякуючы яму пачалі стварацца першыя мэлёдыі. Акрамя гэтага быў зьдзейсьнены канцэптуальны паварот у ідэйнай афарбоўцы песень. Поруч са старымі бірфолькавымі тэмамі пачынаюць зьяўляцца новыя кампазыцыі, якія мелі патрыятычную, сярэднявечную і, у некаторых выпадках, нават філязофскую афарбоўку. Самай яскравай песьняй гэтага пэрыяду можна назваць «Баляду пра ліцьвіна», якая на доўгі час стала пэўнай візытоўкай «Рокаша». Разам з тым моцна адчуваецца недахоп інструмэнтаў. Пачынаюцца пошукі чалавека, які мог бы граць на якім-небудзь духавым інструмэнце. Нарэшце, летам 2005 году адзін з нашых сяброў, Паша Грабчыкаў, знаёміць нас з цудоўнай флейтысткай Вольгай Драпезай. Дзякуючы яе прыходу, ўжо пачынае фармавацца індывідуальны саўнд «Рокаша». У гэты ж час астатнія ўдзельнікі гурта пакрысе пачынаюць асвойваць новыя інструмэнты. Усіх зьдзіўляе Мікола Ліпневіч, які за кароткі час здолеў навучыцца граць на блёк-флейтах. У той жа час Лявон пачынае аздабляць песьні гукамі варгану. Старыя кампазыцыі атрымоўваюць новую афарбоўку.

Менавіта ў верасьні 2004 году на сярэднявечным фэсьце «Беларусь сярэднявечная», які праводзіўся Рыцарскім родам сьнежнага барсу ў Менску, адбываецца дэбютнае выступленьне гурта «Рокаш». Некаторыя ўдзельнікі гурта ня любяць узгадваць гэты канцэрт. Бо першы блін, на жаль, аказаўся комам. Гурт яшчэ ня быў падрыхтаваны да выступленьня. Праграма была не адрэпэтаваная да канца. І лёгкая эйфарыя ад некаторых удалых рэпэтыцыяў ня здолела выратаваць сытуацыю. Нельга сказаць, каб канцэрт быў цалкам правальны, але і ўдалым яго назваць будзе цяжкавата. Так ці інакш, «Рокаш» адыграў дваццаціпяціхвілінную праграму, у якую ўваходзілі наступныя песьні: «Наша піва», «Карчма», «Хмяльны бранль», «Баляда пра ліцьвіна» і сярэднявечная кампазыцыя «In taberna». Гэты канцэрт акрэсьліў асноўныя недахопы гурта. Працягваліся інтэнсыўныя рэпэтыцыі.

Нарэшце, узімку 2005 году адбылася падзея, якая аказалася калясальным штуршком у развіцьці гурта. Дзякуючы Вользе ў гурце зьявілася Паліна Дулінец, з чыім яркім, непаўторным і запамінальным голасам найдалей і пачаў асацыявацца гурт «Рокаш». Апроч цудоўнага вакалу, Паліна мела і нешэраговыя кампазытарскія здольнасьці. Старыя песьні атрымоўваюць новае гучаньне. Зьяўляецца і шэраг новых кампазыцыяў на вершы Лявона і музыку Паліны. З новай праграмай гурт выступае на шэрагу імпрэзаў таварыства «Этна», на вечарыне-ушанаваньні памяці славутага польскага музыканта Чэслава Немана і інш.

Урэшце-рэшт, у сакавіку 2005 году «Рокаш» прымае ўдзел у конкурсе маладых выканаўцаў сярэднявечнай музыкі «У гонар каралевы Боны». На гэтым фэсьце гурт атрымоўвае спэцыяльны прыз ад радыёканала «Культура» — некалькі гадзінаў запісу на студыі, а таксама спэцыяльным дыплёмам за лепшы вакал была адзначаная Паліна Дулінец. Вясною-летам 2005 году гурт прымае ўдзел у шэрагу фэстаў і імпрэзаў, найбольш значнымі зь якіх можна назваць фэст «Замак Гедыміна» ў Лідзе, Лошыцкі фэст у Менску, грае ў менскім клюбе «Рэактар» на разагрэве ў гурта «Стары Ольса», прадстаўляе на выставе «СМІ ў Беларусі» радыёканал «Культура». Зьяўляюцца новыя песьні. Найбольш значнымі зь якіх сталі «Стары замак» і «Запалі агонь». Напрыканцы лета на студыі канала «Культура» робіцца запіс некалькіх песень. Тры зь якіх можна спампаваць з сайту ў разьдзелу «Мэдыя». Восеньню з найбольш значных імпрэзаў можна адзначыць удзел у фэсьце сярэднявечнай культуры «Legenda Autuna», на дні беларускага пісьменства ў Камянцы, на рыцарскім фэсьце «Беларусь сярэднявечная-2», дзе «Рокаш» цалкам рэабілітаваўся за мінулагодні ня вельмі ўдалы выступ, на канцэрце «Сярэднявечныя каляды». На жаль, зімою 2006 году з гурта, па асабістых прычынах, сыходзіць адзін са стваральнікаў гурта і вакалістаў Мікола Маркоўнік. Аднак гэта ўжо не магло спыніць імклівае разьвіцьцё калектыву.

Ствараюцца новыя кампазыцыі. Гурт прымае ўдзел у шэрагу супольных канцэртаў. У чэрвені 2006 году важкай падзеяй у развіцьці гурта стаў удзел у фэсьце «Spotkania Folkowe „Z wiejskiego podwórza“», які адбыўся ў польскім горадзе Чэрэмшув. Там «Рокаш» граў на адной сцэне з такімі знакавымі гуртамі сярод усходнеэўрапейскай фолькавай музыкі, як «Ilgi» (Латвія), «Paniks» (Сэрбія-Вугоршчына), «Teksoj Banda» (Украіна), «Sarakina» (Польшча) і інш. На зваротным шляху разам зь беларускім гуртом «Ліцьвінскі хмель» «Рокаш» даў канцэрт у польскім горадзе Гайнаўка. Восеньню 2006 году «Рокаш» прымае ўдзел у шэрагу супольных канцэртаў з рознастылёвымі гуртамі беларускай андэграўнднай сцэны. Сярод найбольш важкіх з такіх імпрэзаў можна адзначыць dark-art fest «Memento Mori III», «Vox Femina: tribute to Flёur», «Folk Haloween party» і інш. Менавіта ў гэты час канчаткова фармуецца адыход ад medieval-folk у бок такіх стыляў, як neofolk, acoustiс folk-rock. Паступова творчасьць гурта пачынае выходзіць за межы Беларусі. Восеньню 2006 году адбылося выступленне ў Вільні, а ў студзені 2007 году гурт «Рокаш» з посьпехам даў канцэрт у культавым маскоўскім клюбе «Археология». У гэты ж час у гурт прыходзіць ударнік і пэркусіяніст Міхаіл Кінчын (Маўс).

У дадзены момант часу гурт працуе над запісам доўгачаканага дэбютнага альбому, у склад якога павінны ўвайсьці як старыя кампазыцыі, так і некалькі новых, яшчэ невядомых шырокаму колу публікі. Не спыняюцца і іншыя творчыя пошукі ўдзельнікаў гурта. Зараз ідзе падрыхтоўка новай праграмы «Рокаша» з ужываньнем электрычных інструмэнтаў. Мы спадзяемся, што празь некаторы час зможам прэзэнтаваць шэраг кампазыцыяў, у якіх містычная аўра даўніх часоў будзе спалучаная з рокавым драйвам.

На гэтым можна было б пакуль што паставіць кропку. Але хочацца сказаць яшчэ некалькі словаў. Азначаныя падзеі вельмі скупа адлюстроўваюць жыцьцяпіс гурта. Былі посьпехі, былі расчараваньні, але заўседы на нашым шляху з намі заставалася наша Бацькаўшчына і нашыя добрыя сябры. Гэта тыя крыніцы, якія падтрымліваюць наш імпэт да стварэньня новых песьняў. Таму хочацца спадзявацца, што ў летапісе гурта «Рокаш» у будучыні зьявіцца яшчэ не адна прыгожая і цікавая старонка. Усё толькі пачынаецца…

Стыль: нэа-фольк, акустычны фольк-рок

Цяперашні склад:
* Паліна Дулінец — сьпеў, аўтар музыкі
* Лявон Казакоў — бас-гітару, сьпеў, варган, аўтар тэкстаў
* Аляксандар Акульчык — электрычная гітара, акустычная гітара
* Вольга Драпеза — флейта
* Мікалай Ліпневіч — клявішы, блёк-флейта, пэркусія
* Міхаіл Кінчын — бубны, пэркусія

www.rokash.com

Ваш отзыв